РАБО́ТА ВЫ́ХАДУ,

энергія, неабходная для выдалення электрона з цвёрдага цела ці вадкасці ў вакуум. Вызначае меру сувязі электрона з кандэнсаваным асяроддзем і з’яўляецца асн. характарыстыкай паверхні правадніка ці паўправадніка. Для цвёрдага цела залежыць ад яго матэрыялу, будовы паверхні, наяўнасці на ёй чужародных атамаў, напружанасці знешняга эл. поля (гл. Шоткі эфект) і вызначае заканамернасці электроннай эмісіі з гэтай паверхні. Рознасць Р.в. для двух праваднікоў ці паўправаднікоў вызначае кантактную рознасць патэнцыялаў паміж імі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)